Сезон 2024
Час пустазелля
Гэтая кніга – спроба асэнсаваць бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля 2020 года. Яна складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, выпадкова пачутых фраз на розных мовах, мімалётных уражанняў, захапленняў і ўспамінаў, таго, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне. Апавядальніца ўсюды шукае чалавечыя і нечалавечыя сляды, сюжэты, якія разгортваюцца проста на вачах, а таксама гісторыі, якія здарыліся даўно і ад якіх амаль нічога не засталося. Яна спрабуе ўхапіць дух бясчасся ў Варшаве і Мінску, Гародні і Кракаве, іншых гарадах і мястэчках. Кніга паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы – відавочныя і ледзь улоўныя, – якія адбываюцца цяпер у свеце.
Слюнькоў. Палітычная біяграфія
МІКАЛАЙ СЛЮНЬКОЎ (1929–2022) – беларускі дзяржаўны і партыйный дзеяч савецкіх часоў. Нарадзіўся ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Скончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум. Прайшоў на Мінскім трактарным заводзе шлях ад памочніка майстра да генеральнага дырэктара. З’яўляўся першым сакратаром Мінскага гаркама партыі, а затым быў пераведзены ў Маскву, дзе працаваў намеснікам старшыні Дзяржплана СССР. У 1983–1987 гадах – кіраўнік БССР. Радыкальна змяніў беларускую кадравую эліту, замоўчваў наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1987–1990 гадах – сакратар Цэнтральнага камітэта КПСС і член Палітычнага бюро партыі, у якім удзельнічаў у спробах рэфармаваць савецкую эканоміку.
У 1990-я гады аснову беларускай эліты склалі прадстаўнікі каманды Мікалая Слюнькова. Пакуль рух да незалежнасці адбываўся ў гаспадарцы, яны падтрымлівалі пераўтварэнні (у тым ліку культурныя ініцыятывы, якія не падрывалі асноў тагачаснага грамадства). Для іх незалежнасць успрымалася не на ўзроўні дзяржавы, а на ўзроўні саюзнай рэспублікі. Таму як толькі ў першай палове дзевяностых пераўтварэнні выйшлі за пэўную мяжу, беларуская эліта заблакавала большасць рэальных рынкавых рэформаў. Інтэграцыя з Расіяй, якая заставалася ў трэндзе ўсё дзесяцігоддзе, была адлюстраваннем іх светапогляду. Таму працэсы ўмацавання незалежнасці адбываліся хутчэй насуперак, чым дзякуючы іх пазіцыі.
Камень Вавілонскай вежы
«Так бывае, суіснуеш з суайчыннікам амаль у адным часе, а як бы не бачыш яго. Бо не перасёкся неяк, не перакрыжаваўся раней лёсамі. Шкада, а можа так і трэба. Уладзімір Мароз – адметны беларускі кінадакументаліст, нацыяналіст беларускі, пісьменнік. Крыху старэй за мяне. Але сталіца 1970-х, рэстаран «Патсдам» і звязаны з ім сюжэт ягонай аповесці «Камень вавілонскай вежы» – гэта амаль роднае» – Валерый Герасімаў.
Круглая Square: Іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі
Іранічны жыцьцяпіс чалавека і імпэрыі.
«Гэты раман – нязьменна дасьціпны, вельмі асацыятыўны, з элемэнтамі антыўтопіі, вясёлы і гаркаваты, саркастычны і часам цынічны, прасякнуты гумарам, іроніяй і, што самае галоўнае, самаіроніяй, якая ёсьць найлепшым сродкам самаабароны, – не дазволіць вам засумаваць. А як вядома, няхай жыве любы жанр, апрача сумнага!» – Уладзімір Арлоў.
«Хлопчык Томчык = Tomčyk the Boy
Новая кніжка Сяргея Календы пра штодзённае жыццё малога Томчыка і яго сям’і ў духу Мантэсоры: перадусім павага і ўвага да патрэбаў і стану дзіцяці. Томчык гуляе, выбірае цацкі, плача ад стомы, гуляе ў хованкі і шукае мора – у кожным моманце свайго жыцця ён сустракае спрыянне і падтрымку з боку дарослых.
Кніга праілюстраваная Марыяй Шэндзель.
Вольнеры. Прадвесце
Тое, што ты лічыш дробяззю, раптам можа перавярнуць твой свет. І асабліва тады, калі ты гэтую быццам дробязь губляеш…
Перад вамі — самае беларускае з нешматлікіх беларускіх фэнтэзі: і ў чалавечым свеце, і ў іншасвеце дзейнічаюць тутэйшыя стварэнні, багі і духі. Беларуская міфалогія аказалася багатай і разнастайнай на герояў, а ўладкаваны іншасвет займеў сваё месца. Сама дзея рамана адбываецца ў Мінску і вакол яго, і пераход у іншасвет знайсці не складана…
Трое сяброў – і мноства дарог і варыянтаў рэальнасці. Шлях, які выпадае на долю старшакласнікаў з мінскай школы, пачнецца з жадання ўладкаваць свае справы, а закончыцца выбарам падарожжа за гранню, напоўненага прыгодамі, выпрабаваннямі і таямніцамі.
Зрэшты, чытайце і паспрабуйце разам з героямі адказаць на актуальныя пытанні. Чым ты гатовы ахвяраваць, каб вярнуць свет, які скаціўся ў бездань? Ці можна ахвяраваць шчасцем або жыццём аднаго дзеля шчасця мільёнаў? Кім трэба быць, каб стаць вольнерам – тым, хто па сваёй волі кіруецца ў шлях дзеля шчасця іншых?
І варта помніць, што памыліцца не страшна – страшна не скончыць абранае падарожжа, якое, што важна, з’явіцца толькі тады, калі ты прымеш свой шлях.
Жамяра: жаночыя гісторыі
Пра што думаюць сучасныя жанчыны? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў зборніку навел «Жамяра»… Такім чынам, дзейныя асобы – насякомыя – заяўлены. Застаецца дазнацца пра выканаўцаў.
На прызбе ў Сілічах
Літаратурная творчасць Марыі Вайцяшонак трымаецца на сваёй, ужо амаль міфалагічнай, нацыянальнай самасці і старой класічнай традыцыі. Натуральнасць тэксту, нязмушанасць моўнага стылю і помнасць народнага гутарковага маўлення робяць прозу і паэзію Марыі арыгінальнымі і непадробнымі сярод шматлікіх творцаў нашай сучаснай літаратуры.
На вялікі жаль, Марыя Вайцяшонак пачала страчваць зрок. Чытаць і пісаць ёй становіцца ўсё больш праблематычна. Аднак духоўная і творчая актыўнасць змушаюць яе шукаць новыя магчымасці ўдзелу ў літаратурным працэсе – так з’явіўся блог-дыялог «На прызбе ў Сілічах» сумесна з Аксанай Ёркінай.
Марыя нагаворвала па тэлефоне сваё стаўленне да тых ці іншых актуальных і злабадзённых падзей свайго і грамадскага жыцця, задаючы тэму размовы альбо адказваючы на пытанні каляжанкі, прычым гэтыя нагаворы маюць не толькі крэатыўны характар, а падчас і ўражлівую мастацкую аснову, як у сюжэтным, так і ў моўна-стылістычным плане.
Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая
У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў.
У аснову рамана лёг сюжэт культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»), якая выходзіла ў Японіі ў 1990-х гадах. Раман прызначаны для аўдыторыі young adult (16–25 гадоў), а таксама для ўсіх аматараў папулярнай літаратуры.
Я танцую
У гэтым аўтабіяграфічным аповедзе аўтарка апісвае недзіцячыя турботы трыццацігадовых у аўтарытарнай краіне. Твор у першую чаргу – пра супрацьстаянне розным сістэмам: візавай, падатковай, памежнай, паліцэйскай, гвалту, традыцыяналісцкай і г. д. Прычым не ў падлеткава-панкавым сэнсе, але экзістэнцыйна. Гэта твор пра барацьбу за шчасце ў сучасных Беларусі і Германіі, і трошачкі – у Літве і Украіне.