Выдавецтва «Янушкевіч»

Забойства на вуліцы Макаёнка

Рэдкі на беларускай літаратурнай прасторы дэтэктыў, які ўпісаны ў кантэкст "рэвалюцыі дваццатага года". Стылёва дасканалы, з тонкім гумарам і небанальным сюжэтам. У задушлівым, прыціснутым рэпрэсіямі Менску ўзору 2022 года, з пустымі афішнымі тумбамі і поўнымі аўтазакамі, закрытую суполку — Гільдыю гарадскіх варʼятаў - абляцела жудасная навіна: за вакзалам дзіцячай чыгункі пякельным механізмам задушаная Жанна Танцэн, багемны матылёк і ўдзельніца масавых маніфестацый часоў рэвалюцыі 2020-га. Зламысная сіла невядомага паходжання падбіраецца таксама да іншай гарадской легенды — вулічнай спявачкі Камароўскай Прымадонны. Менская міліцыя, занятая паляваннем на палітычных, здае загадкавае забойства ў архіў. За справу бярэцца менскі клан Пісьменных — сумнеўны ранцье і безнадзейны халасцяк Якуб Пісьменны, яго пранырлівы кансільеры Аркадзь Табібулаеў, а таксама яго мёртвая бабка Ханя Пісьменная, якая пры жыцці была імпрэсарыа ці не ўсіх гарадскіх варʼятаў.

Гвалт

Новая кніга Аляксандра Чарнухі «Гвалт» — гэта зборнік апавяданняў, аб’яднаных у адну эпічную гісторыю. Яна пра нас: герояў і злодзеяў, правільных і няправільных, тутэйшых і не тутэйшых. Яна пра нашы слёзы. Нашае жыццё і нашу смерць. У дзесяці апавяданнях цесна пераплеценыя фікшан і нон-фікшан, і фантазія яшчэ больш падкрэслівае сюррэальнасць і трагізм рэчаіснасці. Гвалт — частка нашай прыроды. Страшная яе частка.

Жыццё ў дванаццаці апавяданнях

Гэтая кніга месціць дванаццаць аповедаў, якія можна разглядаць як асобныя творы, але якія адначасова цесна звязаныя паміж сабой. Сувязь гэтая - жыццё беларускага мастака, якое праходзіць праз розных людзей, розныя падзеі і нават розныя кантыненты. Храналогія пазначана ў назвах апавяданняў: 1979, 1996, 2017... Апошні, дарэчы, пазначаны як 20..., бо невымоўнае зло можа здарыцца ў любы момант.

Апошняе пакаленне

«Апошняе пакаленне» — аповесць пра мінскую моладзь, якая жыве звычайным жыццём у рэаліях эпохі пасля 2020 года. Галоўны герой Мікіта працуе ў рэкламным агенцтве, у атачэнні людзей з кардынальна рознымі поглядамі на жыццё. Ён знаходзіцца ў нервовым пошуку «правільнага» шляху, у той час як хтосьці, як ягоная калега, выбірае шлях змагання за праўду, бо не можа проста сядзець на месцы і чакаць. Дэбютны твор Макара пранікнуты апатыяй і расчараваннем, якія пануюць сёння. Аднак у той момант, калі, здавалася б, стаіш на парозе безвыходнасці, загараюцца іскрынкі надзеі і сустракаеш маленькія радасці. І тады разумееш, што наперадзе — добрая будучыня. Усё залежыць ад нас.

Вольнеры. Бясконцы дзень

Толькі сямёра сяброў разумеюць, у якую багну ілжы абрынулася іх краіна, пад якім аўтакратычным прэсам і ў якой імгле гідкай прапаганды жывуць людзі. Гэтыя сямёра помняць: краіна некалі была іншай. І толькі сямёра ведаюць, што ў іх ёсць адзіны шанц вярнуць былую волю, былую праўду і былое шчасце. Але напачатку трэба выжыць тут, прыдумаць план і здзейсніць яго, каб трапіць у іншасвет, дзе знаходзіцца выйсце. Ці можна перамагчы зло без парушэння тваіх маральных прынцыпаў, калі яно, зло, дзейнічае па сваіх правілах? У якіх умовах мэта ўсё ж апраўдвае сродкі? Доўгі шлях у іншасвеце прымусіць шукаць адказы на мноства пытанняў, сярод якіх будзе і надзіва простае: хіба так, як ёсць, нельга жыць і быць у гэтым трошкі шчаслівым? Нібыта ж так добра ў сістэме, дзе табе гарантаваная будучыня і няма клопату пра яе ўладкаванне і дзе ты пазбаўлены ўсякіх мітрэнгаў адносна розных пошукаў. Там, у іншасвеце, выпрабаванні нададуць часу іншае асэнсаванне, раскрыюць характары і правераць душы герояў. На алтар перамогі будуць пакладзены сем лёсаў, але ці можна лічыць ахвярай… здраду?