Выдавецтва «Янушкевіч»

Забойства на вуліцы Макаёнка

Рэдкі на беларускай літаратурнай прасторы дэтэктыў, які ўпісаны ў кантэкст "рэвалюцыі дваццатага года". Стылёва дасканалы, з тонкім гумарам і небанальным сюжэтам. У задушлівым, прыціснутым рэпрэсіямі Менску ўзору 2022 года, з пустымі афішнымі тумбамі і поўнымі аўтазакамі, закрытую суполку — Гільдыю гарадскіх варʼятаў - абляцела жудасная навіна: за вакзалам дзіцячай чыгункі пякельным механізмам задушаная Жанна Танцэн, багемны матылёк і ўдзельніца масавых маніфестацый часоў рэвалюцыі 2020-га. Зламысная сіла невядомага паходжання падбіраецца таксама да іншай гарадской легенды — вулічнай спявачкі Камароўскай Прымадонны. Менская міліцыя, занятая паляваннем на палітычных, здае загадкавае забойства ў архіў. За справу бярэцца менскі клан Пісьменных — сумнеўны ранцье і безнадзейны халасцяк Якуб Пісьменны, яго пранырлівы кансільеры Аркадзь Табібулаеў, а таксама яго мёртвая бабка Ханя Пісьменная, якая пры жыцці была імпрэсарыа ці не ўсіх гарадскіх варʼятаў.

Гвалт

Новая кніга Аляксандра Чарнухі «Гвалт» — гэта зборнік апавяданняў, аб’яднаных у адну эпічную гісторыю. Яна пра нас: герояў і злодзеяў, правільных і няправільных, тутэйшых і не тутэйшых. Яна пра нашы слёзы. Нашае жыццё і нашу смерць. У дзесяці апавяданнях цесна пераплеценыя фікшан і нон-фікшан, і фантазія яшчэ больш падкрэслівае сюррэальнасць і трагізм рэчаіснасці. Гвалт — частка нашай прыроды. Страшная яе частка.

Жыццё ў дванаццаці апавяданнях

Гэтая кніга месціць дванаццаць аповедаў, якія можна разглядаць як асобныя творы, але якія адначасова цесна звязаныя паміж сабой. Сувязь гэтая - жыццё беларускага мастака, якое праходзіць праз розных людзей, розныя падзеі і нават розныя кантыненты. Храналогія пазначана ў назвах апавяданняў: 1979, 1996, 2017... Апошні, дарэчы, пазначаны як 20..., бо невымоўнае зло можа здарыцца ў любы момант.

Апошняе пакаленне

«Апошняе пакаленне» — аповесць пра мінскую моладзь, якая жыве звычайным жыццём у рэаліях эпохі пасля 2020 года. Галоўны герой Мікіта працуе ў рэкламным агенцтве, у атачэнні людзей з кардынальна рознымі поглядамі на жыццё. Ён знаходзіцца ў нервовым пошуку «правільнага» шляху, у той час як хтосьці, як ягоная калега, выбірае шлях змагання за праўду, бо не можа проста сядзець на месцы і чакаць. Дэбютны твор Макара пранікнуты апатыяй і расчараваннем, якія пануюць сёння. Аднак у той момант, калі, здавалася б, стаіш на парозе безвыходнасці, загараюцца іскрынкі надзеі і сустракаеш маленькія радасці. І тады разумееш, што наперадзе — добрая будучыня. Усё залежыць ад нас.

Вольнеры. Бясконцы дзень

Толькі сямёра сяброў разумеюць, у якую багну ілжы абрынулася іх краіна, пад якім аўтакратычным прэсам і ў якой імгле гідкай прапаганды жывуць людзі. Гэтыя сямёра помняць: краіна некалі была іншай. І толькі сямёра ведаюць, што ў іх ёсць адзіны шанц вярнуць былую волю, былую праўду і былое шчасце. Але напачатку трэба выжыць тут, прыдумаць план і здзейсніць яго, каб трапіць у іншасвет, дзе знаходзіцца выйсце. Ці можна перамагчы зло без парушэння тваіх маральных прынцыпаў, калі яно, зло, дзейнічае па сваіх правілах? У якіх умовах мэта ўсё ж апраўдвае сродкі? Доўгі шлях у іншасвеце прымусіць шукаць адказы на мноства пытанняў, сярод якіх будзе і надзіва простае: хіба так, як ёсць, нельга жыць і быць у гэтым трошкі шчаслівым? Нібыта ж так добра ў сістэме, дзе табе гарантаваная будучыня і няма клопату пра яе ўладкаванне і дзе ты пазбаўлены ўсякіх мітрэнгаў адносна розных пошукаў. Там, у іншасвеце, выпрабаванні нададуць часу іншае асэнсаванне, раскрыюць характары і правераць душы герояў. На алтар перамогі будуць пакладзены сем лёсаў, але ці можна лічыць ахвярай… здраду?
2 Месца Сезон 2024
Час пустазелля

Час пустазелля

Гэтая кніга – спроба асэнсаваць бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля 2020 года. Яна складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, выпадкова пачутых фраз на розных мовах, мімалётных уражанняў, захапленняў і ўспамінаў, таго, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне. Апавядальніца ўсюды шукае чалавечыя і нечалавечыя сляды, сюжэты, якія разгортваюцца проста на вачах, а таксама гісторыі, якія здарыліся даўно і ад якіх амаль нічога не засталося. Яна спрабуе ўхапіць дух бясчасся ў Варшаве і Мінску, Гародні і Кракаве, іншых гарадах і мястэчках. Кніга паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы – відавочныя і ледзь улоўныя, – якія адбываюцца цяпер у свеце.

Слюнькоў. Палітычная біяграфія

МІКАЛАЙ СЛЮНЬКОЎ (1929–2022) – беларускі дзяржаўны і партыйный дзеяч савецкіх часоў. Нарадзіўся ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Скончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум. Прайшоў на Мінскім трактарным заводзе шлях ад памочніка майстра да генеральнага дырэктара. З’яўляўся першым сакратаром Мінскага гаркама партыі, а затым быў пераведзены ў Маскву, дзе працаваў намеснікам старшыні Дзяржплана СССР. У 1983–1987 гадах – кіраўнік БССР. Радыкальна змяніў беларускую кадравую эліту, замоўчваў наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1987–1990 гадах – сакратар Цэнтральнага камітэта КПСС і член Палітычнага бюро партыі, у якім удзельнічаў у спробах рэфармаваць савецкую эканоміку. У 1990-я гады аснову беларускай эліты склалі прадстаўнікі каманды Мікалая Слюнькова. Пакуль рух да незалежнасці адбываўся ў гаспадарцы, яны падтрымлівалі пераўтварэнні (у тым ліку культурныя ініцыятывы, якія не падрывалі асноў тагачаснага грамадства). Для іх незалежнасць успрымалася не на ўзроўні дзяржавы, а на ўзроўні саюзнай рэспублікі. Таму як толькі ў першай палове дзевяностых пераўтварэнні выйшлі за пэўную мяжу, беларуская эліта заблакавала большасць рэальных рынкавых рэформаў. Інтэграцыя з Расіяй, якая заставалася ў трэндзе ўсё дзесяцігоддзе, была адлюстраваннем іх светапогляду. Таму працэсы ўмацавання незалежнасці адбываліся хутчэй насуперак, чым дзякуючы іх пазіцыі.