Одры, вядомая таксама як Чатыры-Сем-Чатыры, напалову армянка, напалову японка, якая жыве ў Кіёта, але ў дзяцінстве часта бывала ў агламерацыі Мінск-3, атрымлівае заданне ўсталяваць сістэму праслухоўвання ў будыйскім манастыры ў Лаосе. Манастыр якраз рыхтуецца да важнага рытуалу – Танца масак, пасля якога манах Кхам выправіцца ў паломніцтва. У гэты ж час тэхнаэмпат Юлій ляціць у камандзіроўку на аддаленую планету, куды не ступала нага чалавека, дзе яго чакае выклік, пра які ён пакуль не падазрае, – навучыцца танцаваць. Танцы – код для разумення кіберпанк-рамана Арцёма Шуканава «Пентаквантар»: нездарма створаныя ў Мінску-3 штучныя асобы, на якіх трымаецца зямная прамысловасць і інфармацыйная сфера, атрымалі імёны ў гонар танцаў. Героі рамана падарожнічаюць на Зямлі і ў космасе, уцякаюць ад пагоняў, ратуюцца ад ворагаў, у тым ліку ўнутраных – і танцуюць. У свеце ўяўленай будучыні розніца паміж людзьмі і не-людзьмі, жывым і не-жывым амаль размылася, але матывы злачынстваў застаюцца нязменнымі, як і пачуцці тых, хто здольны адчуваць.

Чытаць рэцэнзію журы на кнігу «Пентаквантар»: Давер да будучага часу