Бiблiятэка

Забойства на вуліцы Макаёнка

Рэдкі на беларускай літаратурнай прасторы дэтэктыў, які ўпісаны ў кантэкст "рэвалюцыі дваццатага года". Стылёва дасканалы, з тонкім гумарам і небанальным сюжэтам. У задушлівым, прыціснутым рэпрэсіямі Менску ўзору 2022 года, з пустымі афішнымі тумбамі і поўнымі аўтазакамі, закрытую суполку — Гільдыю гарадскіх варʼятаў - абляцела жудасная навіна: за вакзалам дзіцячай чыгункі пякельным механізмам задушаная Жанна Танцэн, багемны матылёк і ўдзельніца масавых маніфестацый часоў рэвалюцыі 2020-га. Зламысная сіла невядомага паходжання падбіраецца таксама да іншай гарадской легенды — вулічнай спявачкі Камароўскай Прымадонны. Менская міліцыя, занятая паляваннем на палітычных, здае загадкавае забойства ў архіў. За справу бярэцца менскі клан Пісьменных — сумнеўны ранцье і безнадзейны халасцяк Якуб Пісьменны, яго пранырлівы кансільеры Аркадзь Табібулаеў, а таксама яго мёртвая бабка Ханя Пісьменная, якая пры жыцці была імпрэсарыа ці не ўсіх гарадскіх варʼятаў.

Гвалт

Новая кніга Аляксандра Чарнухі «Гвалт» — гэта зборнік апавяданняў, аб’яднаных у адну эпічную гісторыю. Яна пра нас: герояў і злодзеяў, правільных і няправільных, тутэйшых і не тутэйшых. Яна пра нашы слёзы. Нашае жыццё і нашу смерць. У дзесяці апавяданнях цесна пераплеценыя фікшан і нон-фікшан, і фантазія яшчэ больш падкрэслівае сюррэальнасць і трагізм рэчаіснасці. Гвалт — частка нашай прыроды. Страшная яе частка.

Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў

Спякотным летам 2018 года пісьменніца і перакладчыца Алена ў чарговы раз выпраўляецца ў Швецыю. Гэтым разам каб купацца ў вадаёмах Стакгольма і працаваць з сямейным архівам. Яна збіраецца пажыць у пустой кватэры старэйшай сяброўкі Маргарэты ў раёне Васастан, на дахах якога ў рэальнасці гаспадарыць не Карлсан, а рабочыя-рамонтнікі. Таемна ад усіх Алена чакае сустрэчы з Тунці, колішняй суданскай аднагрупніцай па класе шведскай мовы, якая надоўга перарвала сяброўства без усялякіх тлумачэнняў. Цяпер Алена іх атрымае. Аднак на фоне апакаліптычнага надвор’я руйнуюцца і яе планы, усё ідзе не так, як задумвалася. Алена і Тунці ледзь не робяцца сведкамі рэдкай астранамічнай з’явы, але для іх яна так і не адбываецца. Дык быў знак у небе ці не было? І ці варта наогул разлічваць на нейкія нябесныя знакі як на дарадцаў у сваім жыцці? Пра ўсё гэта Алена працягвае разважаць, вярнуўшыся ў Беларусь. Аповед можна чытаць як працяг папярэдняга рамана Анкі Упалы «На заснежаны востраў» або як асобную кнігу.

Залатое зерне

Зборнік казак, які вы трымаеце ў руках, — гэта легенды і павер’і, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў маёй сям’і. Гісторыі, пачутыя ў маленстве ад вясковых бабуль і дзядуль, натхнілі мяне на напісанне гэтай кнігі. Беларуская вёска — сапраўдны рэлікт старадаўніх уяўленняў і звычак нашых продкаў. Магчыма, сёння гэта здаецца дзіўным, але нават у самым канцы ХХ стагоддзя сярод вясковых людзей на Лідчыне існавала (і працягвае існаваць!) шмат забабонаў і вераванняў, якія сваімі каранямі сягаюць у дахрысціянскія часы. Напрыклад, мая бабуля Юзэфа была ўпэўнена ў тым, што яе суседка па хутары наводзіць чары і крадзе ў кароў малако. А бабуля Галя пераконвала, што рапуха, якая забралася ў хату, — праяўленне нячыстай сілы, і каб адвесці няшчасце, трэба яе спаліць у печцы. Усе гэтыя гісторыі я не забыў і пераказаў сваім чытачам. — З прадмовы Аўтара.

Жыццё ў дванаццаці апавяданнях

Гэтая кніга месціць дванаццаць аповедаў, якія можна разглядаць як асобныя творы, але якія адначасова цесна звязаныя паміж сабой. Сувязь гэтая - жыццё беларускага мастака, якое праходзіць праз розных людзей, розныя падзеі і нават розныя кантыненты. Храналогія пазначана ў назвах апавяданняў: 1979, 1996, 2017... Апошні, дарэчы, пазначаны як 20..., бо невымоўнае зло можа здарыцца ў любы момант.

Апошняе пакаленне

«Апошняе пакаленне» — аповесць пра мінскую моладзь, якая жыве звычайным жыццём у рэаліях эпохі пасля 2020 года. Галоўны герой Мікіта працуе ў рэкламным агенцтве, у атачэнні людзей з кардынальна рознымі поглядамі на жыццё. Ён знаходзіцца ў нервовым пошуку «правільнага» шляху, у той час як хтосьці, як ягоная калега, выбірае шлях змагання за праўду, бо не можа проста сядзець на месцы і чакаць. Дэбютны твор Макара пранікнуты апатыяй і расчараваннем, якія пануюць сёння. Аднак у той момант, калі, здавалася б, стаіш на парозе безвыходнасці, загараюцца іскрынкі надзеі і сустракаеш маленькія радасці. І тады разумееш, што наперадзе — добрая будучыня. Усё залежыць ад нас.

Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода

Аляксандар Лукашук узначальваў Беларускую службу Радыё Свабода з 1998 да 2023 году і расказвае, як рабілася Свабода, што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і зь ім самім. Трыццаць год на Свабодзе аўтар адчувае як адзін дзень, таму храналёгія кнігі не каляндарная, а танцавальная: крок наперад — два назад, направа — налева, уцёкі…

Калі я выйду на волю

Кніга дакументальнай прозы «Калі я выйду на волю» апісвае дзевяць дзён, якія Ганна Комар прабыла ў зняволенні ў 2020-м. Гісторыя раскрываецца праз дзённікавыя запісы самой аўтаркі і аповеды тых, хто пражывалі міліцэйскі гвалт, арышт і зняволенне ў той самы час, і блізкіх людзей, якія падтрымлівалі іх у тыя дні. У гэтай кнізе вы, верагодна, пазнаеце сябе, нават калі не распавядалі аўтарцы сваю гісторыю. У кнізе шмат падтрымкі і салідарнасці, у ёй цеплыня і гумар. «Гэта кніга — напамін пра найлепшых нас, смелых і аб’яднаных высокімі ідэямі. Мы такімі былі — і мы такімі застаёмся», — піша Г. Комар у эпілогу.

Перамена месцаў

Беларусь, 2017 год. У новым цягніку, які рушыць зь Менску ў Гомель, мяняюцца месцамі дзьве пасажыркі, Альбіна і Маня. Наступны дзень прыносіць жахлівую навіну: яны памяняліся ня толькі месцамі, але і целамі. Кожная прачынаецца не ў сваім ложку, і цяпер Мані зь вёскі Алешнікі належыць ісьці ў суд у статусе судзьдзі, а Альбіне — будаваць стасункі з Маніным мужам Толікам, які не начаваў дома. Гэты містычна-рэалістычны раман пачынаецца як камэдыя інтрыгі, але чым далей, тым болей ператвараецца ў сацыяльную драму. І хоць цуды здараюцца да апошняй старонкі, ці дапамогуць яны героям даць рады складанаму жыцьцю?

Стрыжэ і піша

«Стрыжэ і піша» – гэта некалькі дзясяткаў камічных, а часам сумных і нават жахлівых гісторый з працоўнага досведу цырульніка. Пісьменнік некалькі гадоў запісваў цікавыя гісторыі, героем якіх быў ён сам, а таксама яго кліенты і кліенткі. Паколькі ніхто не браў з аўтара прысягі захоўваць таямніцы, ён расказвае ўсё як ёсць.