Бiблiятэка

Паўзмоўча

Паўзмоўча? Чаму на старонках няма нумароў? Дзеля чаго след застаецца пустым? Ці расказвае кніга толькі пра чалавека, прапануючы рухацца скрозь гульню ў словы? Як перакрыжоўваюцца формы ценяў на дрэвах, камянях і паперы з пошукам працягу ў апошняй кропцы? Куды знікае чалавек і навошта яго знаходзіць? Ці з’яўляецца адказ адзіным водгукам на пытанне? Адкуль пачынаецца кніга? Працягваем?

Бязмежжа памяці

Аўтар кнігі пранікнёна распавядае аб творчасці і цяжкіх выпрабаваннях трох славянскіх геніяў, неўміручай славе К. Каліноўскага. Уражвае загадкай К. Чорнага, расказам пра ўплыў М. Багдановіча на школьнікаў, пра адзінокага Я. Коласа, пакутніка С. Новіка-Пяюна, памяткую 95-гадовую А. Васілевіч, маладжавага стогадовага Б. Кіта, пра маштабную постаць А. Вярцінскага, адметных творцаў Г. Далідовіча і А. Федарэнку, В. Андрыеўскага і Ф. Баторына, беларускага ўкраінца В. Стралко ды І. Мельнічука, апантанага М. Фінберга, закаханага С. Пятрова, кніжныя скарбы М.Казлоўскага, першую і апошнюю кнігу А. Кавальчука, пра захапленні В. Жылко і святыні М. Бельчыкава. З любоўю піша пра тых, каго страціў, дарагіх сэрцу — У. Калесніка і Н. Мацяш, Ф. Янкоўскага і Я. Брыля, Я. Пархуту і Н. Гілевіча, Я. Янішчыц і Т. Чабан, А. Пісьмянкова і В. Куксу, В. Коўтун і У. Содаля, А. Андросіка і Э. Зарыцкага. Аддае пашану І. Лучанку і В. Купрэйчыку.

І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным, або Грак і Монця Хрысцік

Гэта — рэмейк вядомага рамана вядомага француза? Але гісторыя кажа, што ідэя рамана пра графа Монтэ Крыста належыць не Дзюма — гэта рэальная гісторыя, крымінальная. І падобныя гісторыі — пра здраду і помсту — хіба не маглі адбыцца дзе заўгодна? Маглі! Раманы з падобным сюжэтам былі напісаны літаральна ва ўсіх літаратурах свету. Акрамя беларускай. Выпраўляем гістарычную несправядлівасць: вось вам раман пра здраду, гады палону і знявагі, бляск золата і халодную помсту (і канешне, з сяброўствам і каханнем). Дабро перамагае зло — вы часта такое сустракаеце ў нашай айчыннай літаратуры? І разам з тым, нічога звышпрыдуманага ці фантастычнага ў кнізе няма: ёсць цалкам рэальная наша Беларусь, рэальныя стасункі рэальных людзей.

Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі

Новая кніга Вольгі Гапеевай — гэта шэсць чароўных гісторый для дзяцей і не толькі. Дзівосныя насельнікі маленькага казачнага свету, створанага ці, можа, прыснёнага аўтаркай, перажываюць тое, што знаёма шмат каму з нас — маленькіх і дарослых. Гэта мудрая і кранальная кніга пра вельмі важныя рэчы.

Гарэзлівы пацалунак

Жыццё ціхай троечніцы Соні Сінічкі да непазнавальнасці змяняецца ў выпускным класе ў той дзень, калі яна прызнаецца ў каханні найлепшаму вучню школы Максіму Статкевічу. Дзеянне кнігі адбываецца ў сярэдняй школе аднаго з мікрараёнаў Мінска. У далейшым падзеі перанясуцца на філалагічны факультэт беларускага ўніверсітэта, экалагічны летнік і ў офіс сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі.

Бог кахання Марс

Недалёкая будучыня. Знайшоўшы на археалагічных раскопках у легендарных Юравічах ідал боства кахання, гомельскі даследчык старажытнасцей Ягор Руткоўскі неўзабаве зведвае і цяжка перажывае невытлумачальны разрыў з каханай. Неўтаймоўная вера ў наканаванасць быць разам з ёю штурхае навукоўца на розныя дзівацтвы — ад літаратурных і музычна-спеўных практыкаванняў да палёту на Марс. Кожнае дзівацтва даецца ў знакі здарэннямі, скандаламі і таямнічымі праявамі ледзь не да скруту галавы. За хісткае марсіянскае шчасце даводзіцца штодзень змагацца, адольваючы шматлікія выпрабаванні без пэўнасці вяртання на Зямлю, дзе лютуе эпідэмія сіндрому татальнай адзіноты.

Кніга здольных. Спадкаемцы Сакрума

З аднаго боку — містычны Край, а з другога – Бязмежнае мора. Праз што церпяць пакаранне жыхары Ларбора, апынуўшыся ў ізаляцыі? Чаму краіна, якая належала здольным, цяпер у руках бездараў-захопнікаў і пачварных пронгаў? Навошта варагуюць навучэнцы дзвюх школ, у якіх дзеці здольных спасцігаюць баявое майстэрства продкаў? І, нарэшце, самае галоўнае пытанне — што такое Сакрум, які марыць атрымаць кожны? Рой — навучэнец Аквілы, паступова робіць крокі да разгадкі гэтай таямніцы, але ўсе ведаюць, што Сакрум сам абярэ сабе гаспадара, і шэраг падзей, які прывядзе да гэтага ўжо запусціўся.

Сёстры

Новы раман «Сёстры» Міколы Адама правакуе на кожным кроку. Выкраданне, вайна на Данбасе, каханне, Берлін, Нью-Ёрк, Мінск — карагод падзей і гарадоў раскручваецца, нібыта спіраль. Жыццё дзвюх родных сёстраў ператвараецца ў сапраўдны трылер.

Спадар Свабода

Мiнск Радыё Свабода 2020
"Спадар Свабода" - драматычны аповед пра Ігара Герменчука, журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выходзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара- прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.

…І прыдбаў гэты дом

Гэтая кніга – працяг выдавецкай серыі «Жаночыя лёсы». Яна пра паяднанне лёсаў і душ, аднак таксама і пра іх раз’яднанне. Пра каханне, як фатум, а не боскі дар, пра нацыянальную свядомасць, якой заўжды бракуе. На прыкладзе жыцця адмыслова ўзятай асобнай сям’і аўтар паспрабаваў адлюстраваць эпоху 1970–1990-х гадоў, датычную Беларусі і Казахстана.