Бiблiятэка

Пацалаваць Фідэля

Кнігу прозы Уладзіміра Сіўчыкава склалі дасціпныя і фрывольныя тэксты, іранічна-займальныя і лёгка чытэльныя жыццёвыя показкі, а часам і трагікамічныя гісторыі ды фацэцыі, а таксама нататкі пра айчынныя ды заакіянскія вандроўкі.

Харунжы. Verbera Ventorum

... 1605 год. Зноў нашыя землі становяцца эпіцэнтрам войнаў, вялікіх і малых. Бязладдзе пануе і ў самой краіне. Кожны магнат бароніць адно свае інтарэсы, Жыгімонт Ваза забыўся на абяцанні, народ стаміўся везці на сваім карку шляхту і духавенства, а кожны з вернікаў славіць толькі сваю ісціну і гатовы забіць за яе. Малады харунжы Стэфан Тацэвіч апынаецца ў самым віры загадкавых і невытлумачальных для яго падзей, дзе і змова супраць кароны, і тайнапіс, і шпіёны, і нявыкрытыя забойствы, шабашы і самае сапраўднае паляванне на ведзьмаў. Ці магчыма вырашыць, якому богу маліцца, каб застацца жывым? Што і каго бараніць найперш - Айчыну, сяброўства ці каханую жанчыну? Каму верыць, каб не быць прададзеным? І як урэшце жыць на роднай зямлі, якую наскрозь працінаюць ліхія вятры з усіх бакоў свету?..

Гульні з нулявымі сумамі

У кнігу ўвайшлі тры аповесці. “Размовы са стодзівамі” – гэта псіхалагічная прытча. Чытачу давядзецца вырашыць, каму суперажываць. Трагічныя лёсы людзей дзіўным чынам пераплятаюцца. У аповесці “Lapido” Павал, ахвяра рэпрэсіўнай дзяржаўнай сістэмы, вымушаны ратавацца ў краіне, дзе ў далёкія савецкія гады ягоны бацька жорстка распраўляўся з паўстанцамі. Дзеянні разгортваюцца на фоне містычнай Прагі. Галоўны герой аповесці “Гульні з нулявымі сумамі” трапляе ў далёкую Палесціну, дзе раздумвае пра свой лёс, спрабуе разабрацца ў мінулым. Самалёт, у якім ён вяртаецца на радзіму, церпіць катастрофу. Што можа выратаваць галоўнага героя?

Гарадзенкі. Жаночы след у гісторыі Гродна. Жаночыя гісторыі сучаснага Гродна

«Гарадзенкі» — зборнік нарысаў, прысвечаных жанчынам Гродна. Частка з іх пакінула свой след у гісторыі горада, другія – нашы сучасніцы, што робяць горад лепшым сёння. Нататкі пра жанчын мінулага напісаў гісторык Андрэй Вашкевіч. Інтэрв’ю з сучасніцамі зрабіла журналістка Ірына Новік. Агулам у зборнік увайшло 22 тэксты. Кніга выдадзена як алігат - мае два ўваходы. Пачынаць чытаць можна з любой часткі. Скончыўшы - перакуліць, як пясочны гадзіннік, і пачынаць з іншага боку.

Пра маму Зорачку і пра маленькую Зай

За Спякотнымі балотамі, за Даўгім лесам, паблізу Возера Белага пад трыма ліпамі стаіць хацінка. Жыве тут сям’я масаў — самавітых гаспадароў і чарадзеяў. І вось аднойчы ў іх доме з’яўляецца маленькая Зай. Яна прыйшла аднекуль здалёк, а можа, з самога неба. Яна нічога не ведае пра зямлю, пра краіну масаў, а тым больш, які ў яе чарадзейны дар. Адзіны, на каго яна можа разлічваць, — гэта мама Зорачка. І хоць тая шмат стараецца, увесь час нешта ідзе не так: то Возера Белае змялее, то сама ператворыцца ў цмока, то Вялікую Руціну раззлуе. І што рабіць? Мама Зорачка і маленькая Зай выпраўляюцца ў падарожжа па Рацэ Ведаў, да самога Бурштынавага мора, што ад усіх турбот ратуе. Толькі б не забыць пра дом, толькі б дар адкрыць, толькі б мама была побач.

Там, дзе сэрца

Гэта кніга вершаў. І прозы. Бо, напэўна, у жыцці так і бывае: вершы мяшаюцца з прозай, праўда з выдумкай, радасць з сумам. З драбочкаў успамінаў выкладзена каляровая мазаіка — вершамі і сціслымі празаічнымі замалёўкамі. Можа быць, асобныя драбочкі прыгадаеце як нешта сваё, перажытае. Можа быць, у асобных пазнаеце сябе. А можа, і не. Тэксты тут — быццам дзверы кватэр у шматпавярховіку. За кожнай — свая гісторыя. Нечы дом.

Porta Nigra

Вы ўпэўненыя, што немагчыма пабачыць мінулае? Што некаторыя значныя гістарычныя падзеі нельга аднавіць, а ісціна гэтак і застанецца назаўжды страчанай для чалавецтва? Так меркаваў і галоўны герой Аркадзь, беларускі дактарант, які накіраваўся ў Еўропу з мэтай працягнуць сваё навучанне. Але тыя незвычайныя падзеі, якія раз-пораз адбываюцца з ім падчас падарожжа, змушаюць маладога фізіка збочыць са шляху і зазірнуць за заслону гістарычных таямніцаў. Чым гэта можа скончыцца? Здаецца, чым заўгодна.

Локісаў

Мiнск Логвінаў 2020
«Герой нашага часу – хто ён? Чалавек з двайной ідэнтычнасцю? Асоба з другім, прыхаваным жыццём? Партызан? Пярэварацень? Палітык, які прамаўляе тое, што хоча чуць ад яго публіка, але ніхто дакладна не ведае, што ў яго ў галаве». Хоць раман ствараўся амаль тры гады і быў закончаны яшчэ год таму, але падзеі, якія апісаны у ім амаль па-прароцкі адлюстроўваюць тое, што сёння адбываецца у Беларусі.

Касмічныя праекцыі

Нашае жыцьцё — касьмічныя праекцыі. Бесьперастанныя, адмысловыя, вы­значальныя. Створаныя ўверсе, на Нябёсах, яны ільюцца ўніз, у чалавечую сьвядомасьць і абумоўліваюць усе думкі, пачуцьці, учынкі. Героі кнігі, ідучы цераз нетры і церні рэальнасьці, выпрабоўваюць свой дух і ўзгадоўваюць у сабе разуменьне паўсюднай касьмічнай прычыннасьці. Глыбокія ве­ды пра Космас пашыраюць іхнае сьветаўспрыманьне, адчыняюць праўду і сэнс жыцьця, дапамагаюць шукаць правільныя адказы на пытаньні — увогуле многія праблемы для іх проста адыходзяць. Характэрна: праясьненьне адчуваюць усе, хто знаёміцца зь лёсам персанажаў.

Акварыум. Гісторыя аднаго юнацтва

Мiнск Логвінаў 2020
«Акварыум» завяршае трылогію, пачатую кнігай «Падарожжа на край ложка» і падхопленую «Часам панкі паміраюць». Аповесць — складзеная з фрагментаў гісторыя каханняў і любові двух герояў, якія не зусім рэальна і кожны па-свойму глядзіць на сваё жыццё і на сваіх жанчын. І ў кожнага гучаць свая праўда і свая музыка, свае сюжэты/згадкі пра сваякоў і ненадзейнасць памяці, свае ўспаміны пра юнацтва, калі дрэвы былі больш зялёнымі, а пацалункі доўгімі. Два героі павінны сустрэцца, каб скончыць падарожжа, для пачатку новага ва ўласным жыцці.